Oct 12, 2012

Тест

Nov 30, 2009

Апісанне Расіі


Першыя сляды жыцця чалавека на тэрыторыі сучаснай Расіі датуюцца 2-3 млн гадоў таму. Чалавек сучаснага тыпа з'явіўся 50-35 тыс. гадоў таму. У 1 тыс. да н.э. на тэрыторыі сучаснай Расіі з'яўляюцца індаеўрапейскія плямёны. У 9 ст. на землях усходнеславянскіх, а таксама некаторых фіна-угорскіх, балцкіх і цюркскіх плямёнаў, утварылася першая дзяржава – Кіеўская Русь, у якой у 988 г. прымаецца хрысціянства. У 12 ст. дзяржава распадаецца на княствы. 13-15 ст. - перыяд мангола-татарскага іга. Пасля яго заканчэння важную ролю адыгравае Маскоўскае княства. З'яўляецца Маскоўская дзяржава ці Масковія. Краіна становіцца цэнтрам праваслаўя ў свеце. У 16 ст. былі далучаны Астраханскае, Казанскае і Сібірскае ханствы. Пачынаецца асваенне Сібіры. У 17 ст. рускія казакі выходзяць да Ціхага Акіяна. У пачатку 18 ст. Маскоўская Дзяржава пераўтвараецца ў Расійскую Імперыю, забяспечвае сабе зручны выхад да Балтыйскага мора, а ў канцы века далучае да сябе сучасныя Беларусь, Украіну і частку Польшчы. У 1917 г. да ўлады прыходзяць бальшавікі, у 1922 г. утвараецца Савецкі Саюз. У 1945 г. СССР прымае непасрэдны ўдзел у разгроме Германіі і яе саюзнкаў. Пасля 2 Сусветнай Вайны СССР і ЗША – самыя ўплывовыя краіны ў свеце. Савецкі Саюз падтрымлівае камуністычны рух ва ўсім свеце, у тым ліку ваеннымі сродкамі. Пасля Сусветнай Вайны размяшчае свае войскі ў цэнтральнай Еўропе. Падобная ініцыятыва ў 1979 г. прыводзіць да вайны ў Аўганістане, якая цягнецца да 1989 г. У 1991 г. СССР распадаецца, а на яго тэрыторыі ўтвараюцца незалежныя рэспублікі вакол Расійскай Федэрацыі – краіны пераемніцы СССР. Паўночны Каўказ застаецца самым неспакойным рэгіёнам сучаснай Расіі. З 1994 г. адбываюцца 2 чачэнскія кампаніі, якія прыводзяць да ўсталявання фармальнага кантролю Расіі над Ічкерыяй. У 2008 г. адбываецца безвыніковае расійска-грузінскае ваеннае супрацьстаянне. З 2000 г. пачынаецца эпоха Ўладзіміра Пуціна ў Расіі, краіна пераўтвараецца ў важнага святовага пастаўшчыка газа.

Сучасная Расія займае плошчу ў 17 млн кв км і мае 1 месца ў свеце па гэтым паказчыку. Працягласць наземнай мяжы складае больш за 20 тыс. км. З іх 6846 км прыпадае на долю Казахстана, 3645 км – Кітая, 3441 км – Манголіі, 1576 км – Украіны, 1313 км – Фінляндыі, 959 км – Беларусі, 723 км – Грузіі, 432 км – Польшчы, 292 км – Латвіі, 290 км – Эстоніі, 284 км – Азербайджану, 227 км – Літвы, 196 км – Нарвегіі, 17 км – Паўночнай Карэі. Даўжыня марской мяжы складае амаль 38 тыс км. Вышэйшая кропка – гара Эльбрус (5633 м). Берагі краіны амываюцца Ціхім і Паўночна-Ледавітым Акіянамі, а таксама Балтыйскім, Чорным, Азоўскім, Каспійскім марамі. Уральскія горы, рака Эмба, Кума-Маныцкая ўпадзіна падзяляюць краіну на Еўропу і Азію. 70% тэрыторыі Расіі занята раўнінамі і нізменнасцямі. Галоўныя рэкі – Амур, Лена, Енісей, Іртыш, Обь, Воўга, Кама; азёры – Каспійскае мора, Байкал, Ладажскае, Анежскае. Сельскагаспадарчы сезон на большай частцы краіны цягнецца 2-3 месяцы. 70% зямлі з'яўляецца зонай рызыкоўнага земляробства. Галоўнымі прычыны гэтага – сухасць, а таксама нізкая тэмпература паветра і глебы. Галоўныя прыродныя рэсурсы – нафта, прыродны газ, вугаль, драўніна. Неспрыяльныя асаблівасці клімата, тэрыторыі, вялікія адлегласці ўскладняюць эксплуатацыю прыродных рэсурсаў. Прыродныя катаклізмы - вечны мароз у Сібіры, вулканічная актыўнасць на Курыльскіх выспах, вулканы і землятрусы на Камчаццы, веснавыя навадненні і летнія/асеннія пажары ў Сібіры і частках Еўрапейскай Расіі.

У Расіі пражывае 140 млн чалавек, з іх 73% у гарадах. Сярэдняя працягласць жыцця – 66 гадоў. У краіне пражывае 79,8% рускіх, 3,8% татар, 2% украінцаў, 1,2% башкіраў, 1,1% чувашаў і 12% іншых нацыянальнасцяў. 15-20% насельніцтва залічваюць сябе да праваслаўнай царквы, 10-15% да ісламу. 92% насельніцтва карыстаецца рускай мовай. Іншыя мовы – украінская, беларуская, немецкая, татарская, чувашская, башкірская, удмурцкая, марыйская і інш. Насельніцтва Расіі карыстаецца больш чым 100 мовамі і дыялектамі. Самыя вялікія гарады ў краіне: Масква (10,5 млн чалавек, сталіца), Санкт-Пецярбург (4,5 млн), Навасібірск (1,4 млн), Екацярынбург (1,3 млн), Ніжні Ноўгарад (1,2 млн), Самара, Казань, Омск па 1,1 млн чал і па 1 млн пражывае ў Чалябінску, Растове-на-Доне і Ўфе.
У сваім складзе Расія мае 46 вобласцяў, 21 рэспубліку, 4 аўтаномныя акругі, 9 краёў, 2 федэральныя гарады і 1 аўтаномную вобласць. Вобласці: Амурская (цэнтр – Благавешчанск), Архангельская, Астраханская, Белгародская, Бранская, Чалябінская, Іркуцкая, Іванаўская, Калінінградская, Калужская, Кемераўская, Кіраўская, Кастрамская, Курганская, Курская, Ленінградская, Ліпецкая, Магаданская, Маскоўская, Мурманская, Ніжагародская, Навасібірская, Омская, Арэнбургская, Арлоўская, Пензенская, Пскоўская, Растоўская, Разанская, Сахалінская (Южна-Сахалінск), Самарская, Саратаўская, Смаленская, Свярдлоўская (Екацярынбург), Тамбоўская, Томская, Тульская, Цвярская, Цюменская, Ульянаўская, Уладзімірская, Валгаградская, Валожская, Варонежская, Яраслаўльская.
Рэспублікі: Адыгейская (сталіца – Майкоп), Алтайская (Горна-Алтайск), Башкартастан (Уфа), Буратыя (Улан-Удэ), Ічкерыя (Грозны), Чувашыя (Чэбаксары), Дагестан (Махачкала), Інгушэтыя (Магас), Кабардзіна-Балкарыя (Нальчык), Калмыкія (Эліста), Карачаева-Чаркесія (Чаркеск), Карэлія (Аўтазаводск), Хакасія (Абакан), Комі (Сыктыўкар), Марый-Эл (Ёшкар-Ола), Мардовія (Саранск), Паўночная Асетыя (Уладзікаўказ), Саха/Якутыя (Якуцк), Татарстан (Казань), Тува (Кызыл), Удмуртыя (Іжэўск).
Аўтаномныя акругі: Чукотка (Анадыр), Ханты-Мансі (Ханты-Мансійск), Нянецкі (Нар'ян-Мар), Ямала-Нянецкі (Салехард).
Краі: Алтайскі (Барнаул), Камчатка (Петрапаўлаўск-Камчацкі), Хабараўскі, Краснадарскі, Краснаярскі, Пермскі, Прыморскі (Уладзівасток), Стаўрапольскі, Забайкальскі (Чыта).
У Расіі 2 федэральныя гарады – Масква і Санкт-Пецярбург і 1 аўтаномная вобласць – Яўрэйская – са сталіцай у Бірабіджане.



Адміністрацыйны падзел Расіі
www.wikipedia.org

Акрамя таго тэрыторыя Расіі падзелена на 7 федэратыўных акругоў, якімі кіруюць Упаўнаважаныя Прадстаўнікі прэзідэнта. Федэральныя акругі не з'яўляюцца часткай адміністрацыйнага падзела краіны і былі створаны У. Пуціным на аснове ваенных акругоў. Спіс федэратыўных акругоў: Цэнтральны (цэнтр – Масква), Паўднёвы (Растоў-на-Доне), Паўночна-Заходні (Санкт-Пецярбург), Далёкаўсходні (Хабараўск), Сібірскі (Новасібірск), Уральскі (Екацярынбург), Прыволжскі (Ніжні Ноўгарад).



Падзел Расіі на федэральныя акругі
www.wikipedia.org

З 2008 г. прэзідэнтам Расіі з'яўляецца Дзмітры Мядзведзеў. Уладзімір Пуцін выконвае ролю прэм'ер-міністра. Прэм'ер выбірае склад Ураду, які прызначаецца прэзідэнтам. Таксама існуюць Савет Бяспекі і Адміністрацыя Прэзідэнта, якія непасрэдна звязаны з прэзідэнтам. Адзін чалавек можа 2 разы стаць прэзідэнтам на тэрмін 4 гады кожны ў выніку галасавання.
Верхняя палата Парламента – Федэральнага Схода – мае 168 месцаў. Яе сябры на 4 гады прызначаюцца мясцовымі выканаўчымі і заканадаўчымі ўладамі кожнай з 84 адміністрацыйных адзінак. Склад Ніжняй Палаты (450 чалавек) – Дзяржаўнай Думы – выбіраецца шляхам галасавання на 4 гады. Папярэднія выбары ў Дзяржаўную Думу скончыліся ў 2007 г. з наступным вынікам: Аб'яднаная Расія – 64,3%, Камуністычная Партыя Расійскай Федэрацыі – 11,5%, ЛДПР – 8,1%, Справядлівая Расія 7,7%.
Суддзі Канстытуцыйнага Суда, Вышэйшага Суда і Вышэйшага Арбітражнага Суда прызначаюцца пажыццёва Федэральным Сходам па рэкамендацыі прэзідэнта. Найбольш уплывовыя партыі РФ: Справядлівая Расія (лідар Сяргей Міронаў), Камуністычная Партыя Расійскай Федэрацыі (Генадзь Зюганаў), Ліберальна-Дэмакратычная Партыя Расіі (Уладзімір Жырыноўскі), Патрыёты Расіі (Генадзь Сямігін), Народны Саюз (Сяргей Бабурын), Аб'яднаная Расія (Уладзімір Пуцін), Партыя Яблоко (Сяргей Мітрохін).

Асновай расійскай эканомікі з'яўляецца першапачатковы капітал, назапашаны ў часы СССР і прысвоены прыватнымі ўласнікамі ў постсавецкай Расіі. Краіна падзяляецца на некалькі эканамічных раёнаў. Здабыча нафты і газа сканцэнтравана ў Заходняй Сібіры, гідраэлектрастанцыі, каляровая металургія, лясная прамысловасць – ва Ўсходняй Сібіры. На Далёкім Усходзе вядзецца здабыча золата, алмазаў, рыбы і морапрадуктаў. У Паўночным раёне – здабыча вугля, газы, нафты, металаў, нарыхтоўка леса і рыбная лоўля.


Радовішчы нафты
www.wikipedia.org



Радовішчы газа
www.wikipedia.org

Галоўныя партнёры ў экспарце: Нідэрланды – 11,2%, Італія – 8,1%, Германія – 8%, Турцыя – 6%, Украіна – 5,1%, Польшча – 4,5%, Кітай – 4,3%. Структура расійскага экспарту выглядае наступным чынам: пастаўкі сырой нафты (складаюць 32,4% ад агульнага экспарту), прыроднага газа – 14,2%, дызельнага паліва – 7%, мазута – 6,6%, чорных металаў, машынаў і абсталявання, нафтапрадуктаў, паўфабрыкатаў з углеродзістай сталі, каменнага вугалю, алюмінія, зброі, праката, нікелю, мінеральных ўгнаенняў, лесаматэрыялаў, бензіну, пшаніцы, чугуну, рудаў, ферасплаваў, каучуку, аміяк, медзь, цэлюлоза, электарэнергія, аўтамабілі, кокс, фанера, папера,
грузавых аўтамабіляў, метанолу, фасфатаў кальцыя, гарэлкі, бавоўны менш за 6% кожнага.
Галоўнымі партнёрамі ў імпарце з'яўляюцца Германія - 13,5%, Кітай – 13,2%, Японія – 6,5%, Украіна – 6%, ЗША – 4,5%, Італія – 4,3%. Структура імпарту: машыны і абсталяванне (51%), легкавыя аўтамабілі (11,3%), медыкаменты (2,8%), чорныя металы, грузавыя аўтамабілі, мяса, алкагольныя і безалкагольныя напіткі, вопратка, мэбля, абутак і г.д.
У 2008 г. ВУП склаў $1,6 трлн. Даходы бюджэта - $304 млрд, выдаткі - $234 млрд. Інфляцыя складала 13,3%. 13% насельніцтва ў 2008 г. жыло па-за рысай беднасці. Працоўная сіла краіны складае 76 млн чалавек, з якіх у сельскай гаспадарцы, паляванні, лясной гаспадарцы, рыбнай лоўлі занята 10%, у прамысловасці – 21%, у сферы паслуг – 68,7%. Беспрацоўе складае 7,6%.

Расія займае 8 месца ў свеце па карыстальніках інтэрнэтам – 45 млн чалавек; 5 месца па колькасці аэрапортаў – 1216. Галоўныя марскія парты – Азоў, Калінінград, Каўказ, Находка, Наварасійск, Прыморск, Санкт-Пецярбург, Восточный.

Міжнародныя праблемы:
Японія заклікае вернуць ёй Паўднёвыя Курылы, занятыя Расіяй пасля 2 Сусветнай Вайны;
Расія і Грузія не ўрэгулявалі памежныя пытанні;
Расія, Казахстан і Азербайджан не дамовіліся па пытанню падзела Каспійскага мора;
не ўрэгулявана марская мяжа паміж Расіяй і Нарвегіяй у Баранцавым моры;
Расія незадаволена стаўленнем уладаў Эстоніі і Латвіі да рускамоўнага насельніцтва ў гэтых краінах;
не вызначаны межы паміж Расіяй і Украінай у раёне Крымскага паўвострава і Азоўскага мора;

Унутры Расіі застаецца праблема бежанцаў з Ічкерыі і Паўночнай Асетыі, якіх зараз налічваецца ад 18 да 160 тыс чалавек. Расія застаецца краінай дастаўцай, транзіту і мэтай для перамяшчэння людзей з рознымі мэтамі. Жанчыны з Расіі пастаўляюцца больш чым у 50 краін з мэтай сэксуальнай эксплуатацыі. Расія ляжыць на шляху транзіту,а таксама з'яўляецца пунктам назначэння для імігрантаў з Цэнтральнай Азіі, Усходняй Еўропы, Паўночнай Карэі ў краіны Заходняй Еўропы і Блізкага Ўсходу з мэтай прымусовай працы і сэксуальнай эксплуатацыі. Унутранае перамяшчэнне людзей з мэтай сэксуальнай эксплуатацыі з сельскіх раёнаў у гарады, а таксама з Цэнтральнай Азіі з мэтай прымусовай працы застаецца праблемай.

www.cia.gov

Nov 18, 2009

Газаправод Nord Stream паўстане



Тэхніка пабудовы газаправода
крыніца - Nord Stream

Швецыя і Фінляндыя далі згоду на будаўніцтва Nord Stream у іх эканамічных зонах 5 лістапада. Яшчэ ў кастрычніку на гэта пагадзідася Данія. Для пачатку будаўніцтва засталося атрымаць згоды зацікаўленных Германіі і Расіі. Усе дакументы плануецца сабраць да канца 2009 г. Будаўніцтва мае пачацца ў першай чвэрці 2010 г., каб у 2011 г. пачала працаваць першая лінія. На 2012 г. запланаваны запуск другой лініі.

Паводле ініцыятараў праекта, неабходнасць пабудовы газапровада выклікана даследаваннямі, у якіх гаворыцца аб неабходным павялічэнні імпарта газа да Заходняй Еўропы ў 2025 г. з 314 млрд метраў кубічных у год да 509 млрд м куб. Праз новы газапровад штогод у Еўропу будзе імпартавацца 55 млрд куб метраў газа ў год, г. зн. 25% новых патрэб. Газпром ужо заключыў адпаведныя кантракты на будучыя пастаўкі газа шляхам Nord Stream з наступнымі энэргетычнымі кампаніямі: Dong Energy – Данія, E.ON Ruhrgas – Германія, Gaz De France – Францыя, Gazprom Marketing & Trading - Вялікабрытанія, Wingas –Германія.

Кампанія Nord Stream – гэта праект чатырох вялікіх кампаній: «Газпром» - Расія (51% акцый), Wintershall Holding AG - Германія (20%), E.ON Ruhrgas AG - Германія (20%) и N.V. Nederlandse Gasunie - Нідэрланды (9%). Штаб-кватэра знаходзіцца ў горадзе Цуг (Швайцарыя), у Маскве размешчаны філіял кампаніі. У кампаніі працуе каля 140 міжнародных спецыялістаў з 19 краін. Старшынёй камітэта акцыянераў з’яўляецца Герхард Шродэр, былы канцлер ФРГ.

Экспарт прыроднага газа для Расіі з’яўляецца вялікім прыбыткам – на яго прыпадае 40% усіх даходаў ад збораў падаткаў. Доля Газпрому ў бюджэце Расіі – 25%. Расія пастаўляе газ у Еўропу ўжо 40 гадоў. Галоўнай базай для паставак газа праз новы газапровад стане Паўднёва-Рускае нафтагазавае радовішча, якое з’яўляецца адным з самых вялікіх у свеце. У якасці дадатковых рэсурсаў будуць выкарыстаны радовішча паўвострава Ямал, Обска-Тазаўскай губы і Штокманаўскае радовішча.

На сённяшні дзень як крыніца энэргіі газ выйграе ў нафты і вугля з-за найменшай шкоды для навакольнага асяроддзя – галоўным чынам з-за мінімальнага аб’ёма вылучанага CO2. Прыродны газ утварыўся пад зямлёй ад 15 да 600 млн гадоў таму. Самыя вялікія радовішчы, з якіх карыстаецца Еўропа, гэта – Троль у Нарвегіі, Паўночнае радовішча ў Катары, Штокманаўскае і Урангойскае радовішчы ў Расіі. Газ транспартуецца наземнымі і марскімі трубаправодамі, а таксама танкерамі на больш вялікія адлегласці. У Еўропе выкарыстоўваецца для вытворчасці энэргіі, ацяплення, падачы гарачай вады, у якасці аўтамабільнага паліва.

Акрамя Nord Stream, Еўропа запланавала яшчэ некалькі праектаў па пастаўцы газа - з Алжыру, Нарвегіі, Лівіі. Аднак не ўсе праекты дасягнулі ўзроўня канчатковага рашэння.

Марскія газаправоды ў Еўропе існуюць ужо 25 гадоў. Яны больш танныя, чым наземныя і іх лягчэй абслугоўваць. Даўжыня Nord Stream па дне Балтыйскага мора будзе складаць 1220 метраў. Газаправод будзе пачынацца ў Выбаргу (Расія) і скончвацца ў Графсуальдзе (Нямеччына). Першая лінія мае паўстаць у 2011 г., другая ў 2012 г. Сумарныя інвестыцыі ў праект марской часткі газапровада складуць 7,4 млрд еўра. На тэрыторыі Расіі Газпром будуе сухапутны участак працягласцю 917 км, які злучыць Nord Stream з сістэмай газазабеспячэння Расіі. З Грайфсуальда ў заходнім і паўднёвым накірунках кампаніямі WINGAS і E.ON Ruhrgas будуць пабудаваны два трубапровады, праз якія газ можа дастаўляцца ў Бельгію, Нідэрланды, Францыю, Велікабрытанію, Данію, Чэхію і іншыя краіны.

Nord Stream пройдзе праз эканамічныя зоны і тэрытарыяльныя воды 5 дзяржаў: Расіі, Швецыі, Фінляндыі, Даніі, Германіі (гэтыя краіны павінны даць дазвол на будаўніцтва газапроваду). Польшча, Латвія, Літва і Эстонія з’яўляюцца краінамі, воды якіх наступствы будаўніцтва газаправода могуць толькі закрануць, таму нягледзячы на неадабрэнне будаўніцтва газапровада ўсімі 4-ма вышэй пералічанымі краінамі, гэта не адаб’ецца істотна на рэалізацыі праекта. Незадавальненне Польшчы (як адпаведна Беларусі і Украіны) выклікана тым, што пасля будаўніцтва марскога газапровада гэтыя краіны перастануць выконваць ролю важных транзітных дзяржаў у пастаўках газа ў Еўропу.



Мапа газаправодаў у Еўропе
узята з www.prokarelia.net

У 1997-1999 г. была распрацавана траса газапровада з улікам экалагічна-адчувальных зон, месцаў канцэнтрацыі баепрыпасаў і хімічнай зброі, ваенных зонаў і важных навігацыйных маршрутаў. Дызайн газапровада абараняе яго ад карозіі, пашкоджанння якарам ці тралам. Даследванні мора перад будаўніцтвам Nord Stream праводзіліся ў наступных накірунках: гідраграфія і стан марскога дна, марская флора і фаўна, рыбы і рыбная лоўля, птушкі, сасуны, прыродаахоўныя зоны, турызм і зоны адпачынка, марская археалогія, месца канцэнтрацыі хімічных і звычайных баепрыпасаў, існуючыя кабельныя лініі і трубаправоды, радовішча і здабыча карысных выкапняў, судаходства, маршруты і фарфатэры. Даследаванні праводзіліся кампаніямі Marin Mätteknik (Швецыя), IfAÖ (Германія), Fugro OSAE (Германія) і «ПитерГаз» (Расія), «Ramboll» (Данія).

12 метровыя секцыі газапровада будуць злучацца ў бесперапынную лінію на вялікім судне і адпраўляцца на дно. Кожны дзень будзе пракладвацца 3 км трубапровада. Пасля будаўніцтва праз газапровад для праверкі будзе запушчана вада, з ціскам перавышаючым магчымы ціск газа. 25% труб для першай лініі газапровада паставіць Расійская “Аб’яднаная металургічная кампанія”, 75% - нямецкая кампанія Europipe.

www.nord-stream.com
www.money.pl

Nov 16, 2009

Апісанне Украіны



Першыя людзі на тэрыторыі сённяшняй Украіны з'явіліся каля 1 млн гадоў таму, чалавек сучаснага тыпу - 30 тыс. гадоў таму. Адным з першых плямёнаў былі Кімерыйцы ў 9 ст. да н.э., якіх праз 200 гадоў выцяснілі Скіфы. Прыблізна ў той жа час грэкі пачынаюць засяляць Паўночнае Прычэрнамор'е. Каля 200 г. да н.э. Скіфаў выцясняюць Сарматы, на змену якім, у сваю чаргу, прыходзяць германскія плямёны Готаў, а потым Гунаў. З'явіўшыеся пазней плямёны Антаў і Склавінаў трапляюць у падпарадкаванне да Хазарскага каганата. На тэрыторыі Украіны была вялікая колькасць дзяржаўных утварэнняў у розныя часы. Вось толькі самыя галоўныя з іх. У 9-10 ст. са славянскіх плямёнаў утвараецца дзяржава Кіеўская Русь з цэнтрам у Кіеве. У 988 г. Украіна прымае хрысціянства. У 14 ст. украінскія землі ўваходзяць у склад Вялікага Княства Літоўскага, якое разам з Польшчай у 1569 г. утварае Рэч Паспалітую. У 1648 г. украінскія казакі падымаюць паўстанне, у выніку якога большая частка украінскіх земляў пераходзіць пад іх кантроль. Потым зноў перыяд у складзе Рэчы Паспалітай і ў канцы 18 ст. пасля падзелаў Рэчы Паспалітай Галіцыя (заходняя частка Украіны) пераходзіць у валоданні Аўстрыі, а правабярэжная Украіна - у валоданні Расіі. У перыяд 1917-1920 г. на тэрыторыі Украіны існавала 16 дзяржаўных утварэнняў. У 1921 г. Заходняя Украіна адыходзіць да Польшчы, а Цэнтральная і Усходняя да СССР у складзе УССР. Пасля Другой Сусветнай Вайны Заходняя Украіна ўваходзіць у склад УССР. У 1991 г. Украіна набывае незалежнасць.

Украіна займае плошчу ў 603 тыс. кв. км. Працягласць мяжы - 4,566 км. Прылягаючыя краіны: Расія (1576 км агульнай мяжы), Малдова (940 км), Беларусь (891 км), Румынія (538 км), Польшча (428 км), Венгрыя (103 км), Славакія (90 км). Марская мяжа складае 2,782 км. Большасць Украіны ўяўляе з сябе раўнінную тэрыторыю, горы знаходзяцца на Захадзе ў Карпатах (вышэйшая кропка - Гавэрла, 2061 м) і на Крыме. Прыродныя рэсурсы - жалезная руда, вугаль, марганец, прыродны газ, соль, графіт, сера, тытан, магній, каалін, нікель, ртуць, драўніна. Галоўныя экалагічныя праблемы - няроўнае размеркаванне пітной вады, забруждванне вады і паветра, вырубка лясоў, радыяцыя пасля выбуху на Чарнобльскай АЭС у 1986 г.

Ва Украіне пражывае 46 млн чалавек. З іх 68% жывуць у гарадах. Сярэдняя працягласць жыцця: 62 гады ў мужчын, 74 - у жанчын. Нацыянальны склад - украінцы (77,8%), рускія (17,3%), беларусы (0,6%), малдаване (0,5%), крымскія татары (0,5%), балгары (0,4%), венгры, румыны, палякі (па 0,3% кожныя), габрэі (0,2%). Рэлігійная сітуацыя выглядае наступным чынам: вернікі Праваслаўнай Царквы Кіеўскага Патрыярхата складаюць - 50,4% ад усіх вернікаў, Праваслаўнай царквы Маскоўскага Патрыярхата - 26,1%, Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы - 8%, Украінскай Праваслаўнай Аўтакефальнай Царквы - 7,2%, Рыма-Каталіцкага Касцёла - 2,2%, Пратэстанты - 2,2%, іудзеі - 0,6%. Украінскай мовай афіцыйна карыстаюцца 67% насельніцтва, рускай - 24%, іншымі (уключаючы польскую, румынскую, венгерскую меншасці) - 9%.



Гістарычныя вобласці Украіны. Аўтар - Раман Днепр.
www.uk.wikipedia.org

Украіна, са сталіцай у Кіеве, мае 27 адміністрацыйных адзінак у сваім складзе: Аўтаномную Рэспубліку Крым, муніцыпалітэты Кіеў, Севастопаль, а таксама наступныя вобласці: Чаркасская, Чарнігаўская, Чарнявецкая, Днепрапятроўская, Данецкая, Івана-Франкоўская, Харкаўская, Херсонская, Хмяльніцкая, Кіраваградская, Кіеўская, Луганская, Львоўская, Мікалаеўская, Адэская, Палтаўская, Ровенская, Сумская, Цярнопальская, Вінніцкая, Валынская, Закарпацкая, Запарожская, Жытомірская.
Дзень незалежнасці - 24 жніўня (1991 г. ад СССР). Прэзідэнтам краіны з 2005 г. з'яляецца Віктар Юшчанка (наступныя выбары ў пачатку 2010 г.). Прэзідэнт выбіраецца на 5 гадоў шляхам галасавання. Прэм'ер-міністр, Юлія Цімашэнка, займае сваю пасаду з 2007 г. Склад Савета Міністраў прызначаецца прэм'ер-міністрам, а міністр замежных спраў і міністр абароны - прэзідэнтам. Выбары ў Парламент, Вярхоўную Раду, адбываюцца кожныя 5 гадоў. Апошнія выбары адбыліся ў 2007 г., згодна якім 34,4% месцаў у Парламенце мае Партыя Рэгіёнаў (лідар В. Януковіч), 30,7% - блок Ю.Цімашэнкі, 14,2% - Наша Украіна, Камуністычная Партыя Украіны - 5,4%, блок Літвіна - 4%. Ва Украіне на палітычнай сцэне прысутнічаюць наступныя палітычныя партыі: Хрысціянскі Дэмакратычны Саюз (лідар - У. Стратовіч), Камуністычная Партыя Украіны (П. Сіманенка), Еўрапейская Партыя Украіны (М. Кацярынчук), Бацькаўшчына (Ю. Цімашэнка), Наперад Украіна (В. Мусяка), Ліберальная Партыя Украіны (М. Сярота), Наша Украіна (В. Юшчанка), Партыя Прамыслоўцаў і Прадпрымальнікаў (А. Кінак), Партыя Абароны Бацькаўшчыны (Ю. Кармазін), Нацыянальны Рух Украіны (Б. Тарасюк), Народная Партыя (У. Літвін), Народная Самаабарона (Ю. Лысенка), Пара (У. Каскіў), Прагрэсіўная Сацыялістычная Партыя (Н. Вятрэнка), Партыя Рэформ і Парадку (В. Пінзенюк), Партыя Рэгіёнаў (В. Януковіч), Сабор (А. Матвіенка), Сацыял-Дэмакратычная Партыя (Я. Карнячук), Аб'яднаная Сацыял-Дэмакратычная Партыя (Ю. Загародны), Сацыялістычная Партыя Украіны (А. Мароз), Украінская Народная Партыя (Ю. Касценка), Аб'яднаны Цэнтр (І. Крыл), Веча (І. Багаслоўская). Сцяг украіны складаецца з дзьвух палосаў - блакітнай зверху і жоўтай знізу.

ВУП Украіны складае 338 млрд долараў. Бюджэт - 56 млрд долараў. Працоўная сіла - 21 млн чалавек, з іх 19,4% працуе ў сельскай гаспадарцы, 24,2% - у прамысловасці, 56,4% - у сферы паслуг. Галоўнымі партнёрамі па экспарце з'яўляюцца Расія, Турцыя і Італія. Прадукты экспарта: металы, нафтапрадукты, транспартнае абсталяванне, ежа. Краіны імпарту для Украіны: Расія, Германія, Туркменістан, Кітай, Польшча. Прадукты імпарта: энергія, машыны, абсталяванне, хімічныя прадукты. У спажыванні нафты і прыроднага газа краіна на 3/4 залежыць ад імпарта.

У краіне 10 млн карыстальнікаў інтэрнэтам, 425 аэрапортаў і 7 марскіх партоў і тэрміналаў.

www.cia.gov.com

Nov 15, 2009

Апошнія навіны з Украіны

Ад пачатку эпідэміі ва Украіне ад грыпу, ВРЗ і іх ускладненняў памерлі 282 чалавекі, - паведамляе Міністэрства Аховы Здароўя. Агульная колькасць хворых – 1 млн 347 тысяч чалавек. З 27 адміністрацыйных адзінак Украіны ў 21 павышаны парог эпідэміі. Найбольшая колькасць памерлых у Львоўскай вобласці (87 чалавек ад пачатку эпідэміі), у Івана-Франкоўскай (35), у Чарнёўскай (25), у Цярнопальскай (21).

ЦВК Украіны завершыла рэгістрацыю кандыдатаў на пост Прэзідэнта Украіны. Зарэгістравана 18 кандыдатаў. Сярод іх: дзеючы прэзідэнт - Віктар Юшчанка, сённяшняя прэм’ер-міністр - Юлія Цімашэнка, лідар Партыі Рэгіёнаў - Віктар Януковіч, лідар Усеукраінскага Аб’яднання “Свабода” – Алег Цягнібок, лідар “Фронта Пераменаў” – Арсені Яцэнюк, лідар Камуністычнай Партыі Украіны – Пятро Сіманенка, лідар Партыі Вольных Дэмакратаў – Міхаіл Бродскі, лідар Сацыялістычнай Партыі – Аляксандр Мароз, лідар Народна-Дэмакратычнай Партыі – Людміла Супрун, мэр Ужгарада – Сяргей Ратушняк, лідар Украінскай Народнай Партыі – Юры Касцянок, а таксама Васіль Протыусіх (перакл. Супрацьусіх, мінулае прозвішча Гумянюк). Выбары маюць адбыцца ў пачатку 2010 г. Паводле актуальнага рэйтынга кандыдатаў 1-е месца займае В. Януковіч (30,2%), 2-е месца ў Ю.Цімашэнкі (18,5%), 3-е месца – А. Яцэнюк (8,9%), 4-е месца – П. Сіманенка (4,1%), В. Юшчанка на 5-м месцы з 3,1% галасоў.

Зборная Украіны па футболе згуляла 0:0 з Грэцыяй 14 лістапада ў Афінах. 18 лістапада ў Данецку адбудзецца матч у адказ, пасля якога стане вядома, якая з каманд будзе ўдзельнічаць у Чэмпіянаце Света 2010 года у Паўднёвай Афрыцы.

www.unian.net
www.day.kiev.ua
www.vibori.in.ua
www.pravda.com.ua
www.moz.gov.ua

Nov 12, 2009

Польшча - апісанне краіны



Мапа Польшчы
www.strefageo.yoyo.pl

У 966 годзе Польшча прымае хрысціянства. На мяжы I i II тысячагоддзяў пачынаецца дзяржаўная гісторыя Польшчы. У 1569 г. утвараецца Рэч Паспалітая, якая існуе да 1795 г., калі Расія, Прусія і Аўстрыя падзялілі краіну паміж сабой. 1918-1939 гг. - перыяд II Рэчы Паспалітай. Пасля II Сусветнай Вайны да ўлады прыходзяць камуністы. Перыяд Польскай Народнай Рэспублікі скончваецца ў 1989 годзе, паўстае III Рэч Паспалітая, якая існуе па сённяшні дзень.

Сучасная Польшча займае тэрыторыю 313 тыс. км кв. Наземная мяжа працягласцю ў 3047 км падзяляецца з Чэшскай Рэспублікай (615 км), Беларуссю (605 км), Нямеччынай (456 км), Расеяй (Калінінградская вобласць, 432 км), Украінай (428 км), Славакіяй (420 км) і Літвой (91 км). Марская мяжа складае 440 км. Тэрыторыя краіны пераважна раўнінная, горы знаходзяцца на поўдні Польшчы (найвышэйшая кропка - Рысы, 2499 м над узроўнем мора). Прыродныя рэсурсы - вугаль, сера, медзь, прыродны газ, срэбра, свінец, бурштын. Пасля 1989 г., змяншэння цяжкай прамысловасці, забруджванне навакольнага асяроддзя змяншаецца, але застаюцца праблемы забруджвання паветра і вады, небяспечных адкідаў.

У Польшчы пражывае больш за 38 млн чалавек, з іх 61% жыве ў гарадах. Сярэдняя працягласць жыцця складае 75 гадоў. 96,7% ад насельніцтва складаюць палякі, 0,4% - немцы, 0,1 - беларусы, 0,1% - украінцы. Рэлігійны падзел выглядае наступным чынам - 89,8% - каталікі, 1,3% - праваслаўныя, 0,3 - пратэстанты. 97,8% насельніцтва карыстаецца польскай мовай.

Сталіца Польшчы - Варшава. Краіна падзелена на 16 адміністрацыйных адзінак - ваяводстваў. Лех Качынскі з'яўляецца прэзідэнтам краіны з 2005 года. Дональд Туск - прэм'ер-міністр. Прэзідэнт выбіраецца кожныя 5 гадоў, прэм'ер-міністр прызначаецца прэзідэнтам і зацвярджаецца Парламентам, які складаецца з верхняй палаты - Сената (100 чалавек, якія выбіраюцца кожныя 4 гады), і ніжняй палаты - Сейма (460 чалавек, якія выбіраюцца па прапарцыянальнай сістэме на 4 гады). Суддзі Вярхоўнага Суда прызначаюцца прэзідэнтам, суддзі Канстытуцыйнага Суда - Сеймам. Галоўная партыйная барацьба зараз вядзецца паміж партыямі Грамадзянская Платформа (лідар - Дональд Туск) і Права і Справядлівасць (лідар - Яраслаў Качынскі, брат прэзідэнта). Сцяг Польшчы складаецца з белай (на гары) і чырвонай палос.

Эканоміка Польшчы з 1990 г. перажывае лібералізацыю. Пасля ўступлення краіны ў Еўразвяз у 2004 г. назіраецца ўздым асноўных эканамічных паказчыкаў у сувязі з фінансавымі паступленнямі з фондаў Еўразвязу. Урад плануе ўвезці эўра з 2012 года. ВУП краіны за 2008 г. складаў 525 млрд долараў. Бюджэт краіны склаў у мінулым годзе 105 млрд долараў. Працоўная сіла Польшчы налічвае 17 млн чалавек, з іх 17,4% занята ў сельскай гаспадарцы, 29,2% - у прамысловасці і 53,4% - у сферы паслуг. Працэнт безпрацоўя - 9,8. 17% насельніцтва на 2003 год пражывала па-за рысай беднасці. Экспарт у мінулым годзе склаў 175 млрд долараў, імпарт - 199 млрд долараў. Галоўнымі партнёрамі па экспарце былі Германія, Францыя, Італія, Велікабрытанія, Чэхія, Расія. Краіны імпарта - Германія, Расія, Італія, Нідэрланды, Францыя, Ктіай, Чэхія.

Па колькасьці карыстальнікаў Інтэрнэту (18 мільёнаў) Польшча займае 19 месца ў свеце. У краіне 125 аэрапортаў, 4 марскіх порта ў Гдыні, Гданьску, Свінаусці і Шчэціне.

У складзе Еўразвязу Польшча адказвае за ўстрыманне нелегальнай міграцыі людзей і тавараў з боку Беларусі і Украіны.

падрыхтавана на аснове www.cia.gov

Дзень незалежнасці ў Польшчы


Лех Качынскі падчас святочнай прамовы
фота www.rp.pl

11 лістапада Польшча кожны год святкуе свой дзень незалежнасці. Галоўныя ўрачыстасці сёлета традыцыйна адбыліся ў Варшаве, дзе на Плошчы Пілсудскага прайшла афіцыйная дэманстрацыя. Прэзідэнт краіны, Лех Качынскі, падчас мітынгу казаў пра важнасць незалежнасці, пра будаўніцтва новага патрыятызму, накіраванага ў будучыню, прыкладам якога павінна быць дасягненне належнага месца Польшчы ў Еўропе. У мітынгу таксама прынялі ўдзел прэзідэнт Літвы, Далія Грыбаўскайтэ, прэм'ер Польшчы, Дональд Туск, міністр замежных спраў і міністр абароны, Радаслаў Сікорскі і Богдан Кліх, а таксама прадстаўнікі парламента, генералы, духавенства, ветэраны, групы гістарычнай рэканструкцыі і гарцэры.

У іншай частцы Варшавы адбыўся традыцыйны 10-кіламетровы Марафон Незалежнасці, у якім прынялі ўдзел каля 7 тысяч чалавек.



Марафон Незалежнасці
фота www.maratonczyk.pl

Асобна дзень незалежнасці ў Варшаве адсвяткавалі прадстаўнікі ультраправых арганізацый і антыфашысты. Актывісты Усепольскай Моладзі, Нацыянальна-Радыкальнага Саюза, Саюза Вялікай Польшчы, Лігі Абароны Незалежнасці, Славянскага Саюза, Нацыянальнай Партыі, Нацыянальнага Адраджэння Польшчы, Фалангі, Задругі і сімпатызуючыя варшаўскія футбольныя фанаты сабраліся ў старым горадзе і па ўласных падліках налічвалі 550 чалавек. Антыфашысты сабраліся на адлегласці 2 кіламетраў ад іх і адразу былі заблакіраваны паліцыяй. Як потым аказалася, што гэта была толькі частка антыфашыстаў, бо каля 200 чалавек пазней перагарадзілі дарогу маршу ультраправых. У сутычках з абараняючай марш паліцыяй былі выкарастаны лаўкі, фаеры, на што ахоўнікі правапарадку адказалі сілавым разгонам з прымяненнем слезацечнага газу. Прадстаўнікі ультраправых арганізацый дайшлі да запланаванага канца трасы - помніка Дмоўскаму. У шэрагах антыфашыстаў 14 затрыманых, якіх паліцыя будзе трымаць пад стражай мінімум 2 дні.


Антыфашысты перакрываюць дарогу маршу ультраправых арганізацый
фота www.cia.bzzz.net

Дзень незалежнасці 11 лістапада святкуецца ў Польшчы з 1937 года. 11 лістапада 1918 года пасля заканчэння Першай Сусветнай Вайны Польшча пасля перапынку ў 123 гады здабыла незалежнасць, у выніку якой утварылася Другая Рэч Паспалітая. Падчас Другой Сусветнай Вайны і існавання Польскай Народнай Рэспублікі святкаванне 11 лістапада было забаронена аж да 1989 года, калі традыцыя была адноўлена і ўтрымалася па сённяшні дзень.

www.gazeta.pl
www.rp.pl
www.maratonczyk.pl
www.cia.bzzz.net
www.onr.h2.pl

Ліцэнзія Creative Commons
Дзень незалежнасці ў Польшчы (аўтар - shandr) публікуецца на ўмовах ліцэнзіі Creative Commons Attribution-NonCommercial-NoDerivs 3.0 Unported.